Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень трэці (original) (raw)

Вярхоўны суд працягвае разглядаць справу пра тэракт у менскім мэтро. Паводле папярэдніх допытаў Кавалёва, Канавалаў нібыта хацеў начыніць выбухоўкай і ўзарваць у вагоне мэтро вогнетушыцель.

Працяг працэсу — 20 верасьня а 11-й.

17:20 Пасьля абеду працягваўся допыт Уладзіслава Кавалёва, удакладняліся ягоныя паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва. Кавалёў па-ранейшаму адмаўляецца ад сваіх папярэдніх паказаньняў, заяўляючы, што даў іх пад прымусам.

На судзе былі зачытаныя пратаколы некалькіх допытаў, праведзеных у красавіку і траўні. На ўсіх гэтых допытах Кавалёў прызнаваў, што ведаў пра падрыхтоўку Канавалава да выбуху. Кавалёў падчас гэтых допытаў паведаміў, што Канавалаў распавёў яму, што скраў з войска два вогнетушыцелі й зьбіраўся узарваць іх у вагоне мэтро. Маўляў, Канавалаў недзе вычытаў, што ад гэтага будзе большы выбуховы эфэкт.

Але 9 красавіка ў Кавалёва зьнялі адбіткі пальцаў, і таму ён вымушаны быў прысьпешыць сваю падрыхтоўку да тэракту і не пасьпеў выкарыстаць вогнетушыцелі.

Паводле пратаколаў папярэдніх допытаў Кавалёва, Канавалаў быў вельмі не задаволены тым, што выбух каля стэлы Перамогі ў Менску кваліфікавалі як «злоснае хуліганства». Канавалаў нават паказваў Кавалёву крымінальны кодэкс і даказваў, што гэта мусіць быць кваліфікавана як «тэрарызм».

Кавалёў таксама сёньня паведаміў, што да яго ў камэру прыходзіла шмат супрацоўнікаў КДБ, якія вялі зь ім размовы, дзе пераконвалі яго, што ён ня мусіць адмаўляцца ад сваіх папярэдніх паказаньняў.

13:40 У судзе абвешчаны перапынак да 14:30

Да перапынку на працэсе глядзелі відэа допыту ад 13 красавіка. Тады Кавалёў даў паказаньні, ад якіх пазьней у судзе адмовіўся. У прыватнасьці, ён адмовіўся ад словаў, што нібыта ведаў пра выбухоўку ў торбе Канавалава і пра намер таго ўзарваць мэтро.

Кавалёў чарговым разам заявіў, што даваў тыя паказаньні пад прымусаў. Маўляў, сьледчыя ціснулі на яго псыхалягічна, пагражалі вялікімі тэрмінамі і падказвалі, што адказваць для пратаколу.

Раней Канавалаў прызнаў сваю віну ў тэракце ў мэтро, на праспэкце Пераможцаў, а таксама свае незаконныя дзеяньні з выбуховымі рэчывамі. Астатнія эпізоды не прызнаў, як і злоснае хуліганства на пачатку 2000-х гадоў.

Кавалёў прызнаў, што набываў тратылавыя шашкі і перадаваў іх Канавалаву, а таксама выпадкі злоснага хуліганства на пачатку 2000-х гадоў. Аднак некаторыя эпізоды ён не прызнаў. Не прызнаў свайго саўдзельніцтва ў тэрактах у мэтро і на праспэкце Пераможцаў. Таксама ён заявіў, што ранейшыя паказаньні, якія даваў адносна свайго ўдзелу ў тэракце ў мэтро, не пацьвярджае.

15 верасьня ў Доме правасудзьдзя ў Менску распачаўся працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладам Кавалёвым. Яны зьяўляюцца асноўнымі падазраванымі ў выбуху на станцы мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.

Старшынюе на працэсе намесьнік кіраўніка Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў.

Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе намесьнік Генэральнага пракурора Аляксей Стук.

15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро
Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Кавалёў: Канавалаў не падрываў бомбу. Суд за тэракты. Дзень другі

Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).