„Сцэнарыст” - Камунікат выдаў новы раман Андрэя Федарэнкі (original) (raw)

„Сцэнарыст” - Камунікат выдаў новы раман Андрэя Федарэнкі

2025-02-05 17:31

„Сцэнарыст” - Камунікат выдаў новы раман Андрэя Федарэнкі

Новы раман Андрэя ФедарэнкіСцэнарыст” працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў яго папярэдняй кнізе „Жэтон на метро”.

Падзеі ў рамане, як піша сам аўтар, пачынаюцца „_даўно, ледзь не ў даайфонаўскую эпоху, прынамсі, задоўга да Вялікага Каранціну і ўсяго, што затым пачалося_”, калі „_на базе айчыннай кінастудыі вырашылі стварыць нешта кшталту філіяла_”. Яго героі - малады рэжысёр і пажылы сцэнарыст.

І хаця створаны як філіял ці даччынае адгалінаванне FilmBell - гэта не Галівуд, але сюжэт „Сцэнарыста” закручаны па-майстэрску, а тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі. „Сцэнарыст” – сапраўдны дэтэктыў і адначасова - драма з непрадказальным фіналам.

Кнігу ўжо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop, а першая сустрэча з чытачамі адбудзецца 15 лютага ў Вільні падчас Міжнароднага паэтычнага фестывалю „Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова, дзе Камунікат будзе анансаваць свае новыя выданні.

Вокладку зрабіў выдатны беларускі мастак Артур Вакараў.

Камунікат здаўна супрацоунічае з беларускімі пісьменнікамі. Многія з іх маюць свае персанальныя старонкі ў сервісе. Ужо шмат год творы сучаснай беларускай літаратуры публікуюцца ў рэсурсах Камуніката ня толькі ў форме PDF-файлаў, але і ў фарматах, зручных для карыстальнікаў электронных кніг.

З нядаўняга часу на YouTube-канале Камуніката ўсё больш сучаснай беларускай літаратуры ў аўдыёфармаце. Найбольшай папуларнасцю карыстаецца аўдыёкніга Андрэя ФедарэнкіЖэтон на метро” ў агучцы Змітра Бартосіка.

Там знойдзеце таксама іншыя раманы і аповесці Андрэя Федарэнкі.

Выданне рамана „Сцэнарыст” - гэта працяг супрацоўніцтва Камуніката з гэтым выдатным сучасным беларускім празаікам.

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка

Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк

Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska